Пра нас

„Што ўласна падштурхоўвае бонцаў цікавіцца Мінскам?» – часцяком пытаюцца ў сябраў Мінскага клуба. Адказ на гэтае пытанне і просты, і пераканаўчы: «Хто аднойчы паспытаў беларускай гасціннасці, таму не забыцца гэтай краіны і яе жыхароў».

Мінскі клуб – пачатак
Таварыства «Мінскі клуб – Бон» было заснаванае 18 траўня 1995 года ў Старой Ратушы места Бон. Клуб з’яўляецца зарэгістраваным аб’яднаннем і пераследуе выключна грамадска карысныя мэты. Яго чальцамі з’яўляюцца жыхары Бона і яго ваколіцаў, якія лічаць сувязі з жыхарамі Беларусі важнай і слушнай справай,

  • бо яны хочуць праз свой удзел спрыяць трансфармацыйнаму працэсу ў былой савецкай рэспубліцы, які штодзённа балюча адчуваюць на сабе яе грамадзяне, і які вымагае ад іх немалых ахвяраў;
  • бо яны лічаць неабходным і ўзбагачальным для сябе пастаянна мець магчымасць праверыць уласныя погляды на беларускім досведзе ды ўдакладніць уласныя меркі;
  • бо яны хочуць спрычыніцца да існуючага з 1993 году партнёрства паміж Мінскам і Бонам дый падтрымаць яго.

Мэта
«Мінскі клуб-Бон» хоча спрыяць сяброўскім адносінам паміж Бонам і Мінскам праз:

  • сустрэчы грамадзянаў і грамадзянак;
  • супольныя імпрэзы;
  • рэгулярны інфармацыйны абмен;
  • паглыбленне ўзаемаразумення і падтрымку гуманітарных праектаў.

На першае месца ў сваёй дзейнасці ў якасці найважнейшай задачы «Мінскі клуб» ставіць пасярэдніцтва і правядзенне сустрэч паміж жыхарамі абодвух гарадоў. Гэтыя кантакты адбываліся ў мінулыя гады разнастайным чынам праз самыя розныя арганізацыі. Мінскі клуб з’яўляецца інфармацыйным цэнтрам, біржай для наладжвання сеткавых кантактаў, а таксама платформай для дыялогу па ўсіх пытаннях, кантактах і тэмах, што датычацца 1,8-мільённай беларускай метраполіі.

Дзейнічаем у Боне з Мінскам і дзеля Мінска
Мы

  • ініцыявалі абмен лекарамі, праходжанне практыкі ў эканамічнай і рамеснай галіне;
  • арганізоўвалі выставы мастакоў і фатографаў;
  • ладзілі сустрэчы паміж бонскімі і мінскімі спартоўцамі.

Мінскія дзеці прыязджаюць на вакацыі ў Бон, каб пазнаёміцца з партнёрскім горадам і яго гісторыяй, а таксама рэгіёнам.
Моладзь з Мінска і Бона бярэ ўдзел у супольных праектах.

Мы інфармуем пра актуальныя падзеі і глыбейшы кантэкст нямецка-беларускіх дачыненняў. Мы ініцыюем і ладзім паездкі ў Мінск ды знаёмім жыхароў і жыхарак Бона з краінай, якая шмат для каго з’яўляецца белай плямай на геаграфічнай карце, дзе захоўваецца складаная і не заўжды зразумелая нам палітычная сітуацыя, але якая пры першым жа кантакце з яе жыхарамі выклікае захапленне ў большасці тых, хто з ёй сутыкаецца, і якая нікога не пакідае абыякавым.

Фінансаванне
З часу свайго заснавання ў 1995 годзе Клуб фінансуе свае бягучыя і праектныя выдаткі ў першую чаргу з складак сваіх чальцоў.

Апроч таго, захады ў галіне сацыяльных і культурніцкіх праектаў абмену з мінскімі партнёрамі, напрыклад мерапрыемствы ў рамках дзіцячых вакацыяў з дзецьмі з горада-партнёра, а таксама праграмы культурніцкіх абменаў і сустрэч з мастакамі і грамадзянамі Мінска фінансуюцца са складак чальцоў і фундатараў, а таксама праз даплаты канкрэтным праектам з боку федэральнага горада Бона, грамадскіх і прыватных фундацыяў.

Усе выдаткі Аб’яднання «Мінскі клуб – Бон», а таксама выдаткі па праектах правяраюцца кантралёрамі, якіх абралі чальцы Клуба, а таксама кантралёрам, вызначаным фундатарамі, на падставе прадстаўленых доказаў аб выкарыстанні сродкаў. Яшчэ адна праверка робіцца Фінансавай управай Бона, каб спраўдзіць грамадскую карыснасць дзейнасці аб’яднання. Дзякуючы прызнанню грамадскай карыснасці аб’яднання, яно можа выдаваць пасведчанні аб зробленых ахвяраваннях.

Аб’яднанне забяспечвае 100-адсоткавае накіраванне ўсіх сродкаў, якія маюцца ў яго распараджэнні, на ажыццяўленне вызначаных праектаў.

Выканаўчы дырэктар: Марыя Гон-Бергхарн

(пераклад: Сяргей Богдан)

Schreibe einen Kommentar

Pflichtfelder sind mit * markiert.